Творчасць
НАТХНЕННЕ
Я пайду за гэтым болем
сінім гаем, белым полем.
За лясы і за крыніцы
богу гэтаму маліцца,
дзе бруіць, кіпіць жыццё.
Ты – святое пачуццё,
ты – маёй душы гарэнне,
ты бы дзіўнае стварэнне.
Мне пасланы богам дар
вам прыношу на алтар!
***
КРАНАЮСЯ ВЕЧНАСЦІ
Чым дакрануся да вечнасці?..
Гэтаю ліпай, алеяй.
Брукам, які мне расказвае
аб чалавечнасці
тых, хто жылі і пайшлі.
Дубамі кранаюся вечнасці,
што вякамі прастуюць да неба.
Дарогай, якая вядзе ў бясконцасць.
Кранаюся вечнасці рэкамі,
што імкнуцца ў вечнае мора.
І чысцінёю крыніц.
Кранаюся вечнасці крыжам –
ад народзін да скону.
І болем сваім,
і бацькавай памяццю.
І пахам цагельных капліц,
на якіх мне сустрэча
прызначана продкамі.
…Кранаюся вечнасці.
***
БАЦЬКАМ
Старэнькая маці і бацька стары.
Бог век ім падоўжыў да нейкай пары.
Прыеду наранку, аж колы гудуць.
Сустрэнуць на ганку і ў хату вядуць.
Дабрэйшыя людзі, хоць дзеці вайны,
і «Польшчу», і «немцаў» шчэ помняць яны.
Сыходзяць паціху, сваё аджываюць,
гісторыю, праўду з сабой забіраюць.
А праўда – на цёмных далонях старэчых.
Гісторыя – крыж свой паклала на плечы.
А вы запытайцеся, як ім жывецца,
і ў шчырасці бацька прыязна ўсміхнецца
і скажа: – Дык добра.
– А доля цяжкая?
– Дык долю сабе хіба хто выбірае?
Старэнькая маці і бацька стары.
Бог век ім падоўжыў – шкада, да пары.
Кранаюся вечнасці
***
СЛОВА «ХЛЕБ» СЛАВЯНСКАЕ
Слова «хлеб» славянскае.
І «рука», і «сэрца».
І цячэ славянская
ў нашых жылах кроў.
Украінцы, рускія,
ці то беларусы:
аднаго мы кораня,
ад адных высноў.
І ў нас адзіная
прарадзіма-маці,
вартая, славянская
шчодрая зямля.
І Хрыстос на покуце
ў гасціннай хаце
прыме падарожніка
поглядам здаля.
І не трэба рознасці
ў славянскай роднасці,
аднаго мы кораня,
ад адных высноў.
***
О, МОВА РОДНАЯ
О, мова родная,
на слых лагодная.
Князямі чытана,
высакародная.
Літаратурная,
любоў паэтава,
у творах прадзедаў
яшчэ апетая.
О, мова родная,
душа народная.
Ты – беларуская,
у свеце – годная.
Кранаюся вечнасці
***
Такое хараство на белым свеце,
як божы дзень і ў квецені вясна!
І з раніцы ўжо ярка сонца свеціць
з высокага паднебнага радна.
Люблю ўвесь свет, і сэрцам прынімаю
жыцця свабодны водар трапяткі.
Шаную ўсё, што ў гэтым свеце маю.
І ем свой хлеб – салодкі і цяжкі.
***
ДЫЯЛОГ З ВОСЕННЮ
Скача восень па дарожцы
з жоўтым лісцікам на ножцы.
І чаруе, і смяецца,
і дажджынкай б’ецца ў сэрца:
– Я ў цябе адна такая,
твая восень залатая.
Ты мяне не хочаш бачыць
і жыццё сваё з’іначыць?
– Я цябе паўсюдна бачу:
з ціхім дожджыкам заплачу,
з залатым лістом у згодзе
закружуся ў карагодзе…
А жыццё? Яго, прабач мне,
пэўна ўжо не перайначыць.
А цябе люблю, вітаю,
мая восень залатая.
***
ДА СУСВЕТНАГА ДНЯ ПАЭЗІІ
Паэты, паэты, паэты…
Якое, скажыце, красы?
А песня гуляе па свеце
і льюцца яе галасы.
А песня палоніць праўдзіва
і хмелем чаруе душу.
Я гэтую песню, як дзіва,
у сэрцы трывожным нашу.
Без гэтае музыкі слова
жыццё нам сваё не пражыць.
Каханне народзіць паэта
і вымусіць з песняю жыць.
Паэты, паэты, паэты!
Вы сееце зерне красы.
Хай песня гуляе па свеце
і льюцца яе галасы.
***
ДА 90-ГАДОВАГА ЮБІЛЕЮ
СЛОНІМСКАГА КРАЯЗНАЎЧАГА
МУЗЕЯ
Уваходжу сюды як у велічны храм.
Як у свет і далёкі, і блізкі.
Ты, як рэха і помнік далёкім вякам.
Ты гісторыя часу й калыска.
А стваралі цябе рукі дбайных людзей
працай слыннай, і сэрцам, і словам.
Перад сілай тваёй, перад моцай тваёй
кожны раз мы схіляем галовы.
У пакоях тваіх прыпыніўся бы час,
вывяраючы лёсы й сумленне.
Ад сівой даўніны да мінулай вайны
ты дарадца й суддзя пакаленняў.
Дзіўны Слоніма лёс праз вякі ты пранёс,
захаваўшы і памяць, і славу.
Пра герояў яго, перамогі яго
ты шырокія ладзіш выставы.
Шмат у залах тваіх і сягоння гасцей.
Экспанаты пазначаны стройна.
Дык святкуй, наш музей, слаўны свой юбілей,
і жыві, і красуйся дастойна!
Кранаюся вечнасці
***
ПОМНІКУ ВОІНА-ВЫЗВАЛІЦЕЛЯ
Ў СЛОНІМЕ
У ціхім парку, дзе лістота
самотна сыпле пазалотай.
Дзе ліпы з клёнамі так блізка
растуць наўкол ля абеліска,
агонь палае неўміручы,
як сведка памяці балючай,
і ўвасоблены ў граніце,
стаіць зямлі маёй збавіцель.
А горад спіць і хай не сніцца
ўжо нікому навальніца,
што прагрымела над зямлёю,
прайшла крываваю бядою.
У ціхім парку гэта месца
цяпер святыняю завецца.
Гарыць агонь і днём, і ноччу,
я да яго павольна крочу
з адною думкаю, каб дзеці
жылі спакойна на планеце.
***
СЛОНІМУ
Любы мой, родны Слонім,
горад майго жыцця,
тут на тваіх далонях
роду майго працяг.
Новых будоўляў абшары,
веліч тваёй даўніны.
Сэрца шчымліва ўзрушаюць
ранкам сабора званы.
Будзе стагоддзямі крочыць,
бы па прасторах прагрэс,
велічны, вечны, прарочы
слонімскі гімн – паланэз.
Будзе адвечная Шчара
між паясамі мастоў
песняй жывою і марай
плыць у бясконцасць вякоў.
Любы мой, родны Слонім,
стаў ты мне домам другім.
Тут на тваіх далонях –
лёсу майго берагі.
***
ГАННЕНСКІ КІРМАШ
Мы на Ганненскі кірмаш
прыязджаем не дарма:
аб ім слава тут ідзе,
бо такога анідзе
ў Беларусі больш няма,
як наш Зэльвенскі кірмаш!
Дзеля гэтай весялосці
адусюль наедуць госці.
Коні збруяю звіняць,
зверху возчыкі сядзяць…
А майстры народныя
цуды ладзяць годныя!
Танцы, конкурсы, забавы –
кожны знойдзе сабе справу.
У Зэльве грымнулі музыкі –
на раёне ўчулі зыкі!
Наш кірмаш з былых вякоў
завітаў да землякоў
і, вядома, не дарма:
слаўны Ганненскі кірмаш.
Коні хай ляцяць галопам,
а кірмаш на ўсю Еўропу
хай пяе, звініць, гудзе –
і яднае ўсіх людзей!
***
Ты ў мяне ёсць,
ты ў мяне ёсць,
ты ў мяне ёсць, мама.
Сонца і дождж,
сонца і дождж
ёсць у зямлі таксама.
Промні ў акне,
хлеб на стале,
подых духмянай печы
цепляць мой шлях,
светляць мой дзень
дзіўным цяплом чалавечым.
Будзе вясна –
сонца да дна.
Будзе і радасць, і доля.
Маці мая, песня мая,
маё васільковае поле…
***
ДА СВЯТА БЕЛАРУСКАГА
ПІСЬМЕНСТВА
Ў СЛОНІМЕ Ў 2019 ГОДЗЕ
Свята пісьменства, свята пісьменства –
гэта тваё і маё падабенства.
Гэта з вытокаў прамая дарога
да слова, да песні, да кнігі, да Бога.
Гэта пяром узаранае поле.
Гэта супольнасць ад хлеба і солі.
Гэта разгорнуты аркуш душы –
думкай жывою твары і пішы.
Гэта развага, гэта маленнне.
Гэта адкрытага сэрца сумленне.
Гэта цяжкая духоўная праца,
каб Мовіць,
каб Верыць
і ў Кнігах здзяйсняцца.
***
РАДЗІМАЕ
Мне палескія воды – уцехай.
Любы мне й нарачанскі прастор
і сасновае гонкае рэха –
Белай вежы раскінуты бор.
Землякоў маіх шчасныя вёскі,
вечаровы прыход Каляды.
Дыялектнаю моваю простай
у бяседзе застольнай Дзяды.
Кліч стагоддзяў жывой радаслоўнай
прадаўжае пачаты свой сказ.
На вялікай зямлі шматмоўнай
свая, простая мова ў нас.
І куды б не пайсці мне, не ехаць,
да якіх не імчацца мне зор:
мне палескія воды – уцехай,
любатой – нарачанскі прастор.
* * *
Паэту прасіць не да твару.
Паэту да твару тварыць.
І сэрца сваё, як ахвяру,
агнём даравальным паліць.
Паэту патрэбна дарога,
якою праз душы ісці.
Паэт не жабрак, не нямога,
паэт – павадыр па жыцці.
Паэту прасіць не да твару.
Паэту да твару любіць.
Як самую светлую мару,
любоў усім сэрцам дарыць.
***
Наталяюся, наталяюся…
Да вытокаў жыцця дакранаюся.
Да вады тваёй, дзе асокамі
зноў вяслую я на глыбокае.
Да травы тваёй буйнаросае,
што кладзецца ніц пад пакосамі.
І да лецейка, і да восені.
І да чараў іх, з неба просінню.
Гэтым водарам зноў уп’юся я,
і за родны край памалюся я.
Дык жыві, зямля, мая вольніца.
Хай жыццё тваё сонцам поўніцца.
***
ВЯЗЫНКА
Кліча зноў куточак гэты,
яго паэзіяй сагрэты,
дзе лес шуміць, як і бывала,
ля хаты роднае Купалы.
І кліча дзіўная крыніца
задумы творчае напіцца.
І адусюль да хаты гэтай
ідуць турысты і паэты.
Каб адпачыць і сіл набрацца,
не раз яшчэ сюды вяртацца…
Красуй, цудоўная мясціна –
Купалы – Песняра – радзіма!
***
КАРАЛІНУ
Дарога між таполяў дахаты –
Лясы, пагоркі і даліны.
К табе я, быццам птах крылаты,
імчу ў палёце жураўліным.
Мой Каралін! Мой родны краю!
Красы прыроднае крыніца.
Дазволь табе мне пакланіцца:
любоў мне сэрца напаўняе.
***
Пакліч мяне, мая дарога,
я ад цябе не адракуся,
бо гаварыць на свеце з Богам
хачу я словам Беларусі.
Пакліч мяне, не дай згубіцца
і патушыць агонь душы.
І навучы мяне маліцца
за тое, як мне трэба жыць.
Пакліч мяне, мая дарога…
***
Ружы купляе для любай жанчыны
самы адзіны на свеце мужчына.
Сэрца, што ўвосень самотную тужыць,
пахам сагрэюць пунсовыя ружы.
Ён ад дажджу іх рукой захіляе:
хоча пакрыўдзіць іх восень сівая.
Ветрам халодным зласліва закружыць,
ды не старэюць пунсовыя ружы.
Ён усміхнецца, і любай жанчыне
ружы падорыць адзіны мужчына.
***
БІБЛІІ
Кніга кніг мая,
кніга кніг.
Без цябе я ў пустыні
блукаю.
Без цябе я надзеі
не маю.
Ты душу мне да дна
захапі.
Мёду ісціны дай
мне напіцца.
Ты галоўная ў свеце,
адна.
Кніга кніг, кніга кніг
мая,
слова існага
першакрыніца.
***
Мудрасць прыносіць дарога.
Мудрасць прыходзіць з гадамі.
Мудрасць даецца ад Бога
і застаецца між намі.
Гляну: у вочы і твары –
ёсць чаму там падзівіцца.
Мудрасці вобраз алтарны
там прамільгне бліскавіцай.
***
НА БУДОЎЛЮ СПАСА-
ПРААБРАЖЭНСКАГА САБОРА
Ў СЛОНІМЕ
Наш Божа вялікі, ты бачыш, ты чуеш,
рукамі людскімі, наш Божа, кіруеш:
да неба імкнуцца высокія сцены,
хто камень паклаў – будзе той блаславёны.
А месца святое – заўжды святым будзе.
І вырасце кветка ў тлуме, у брудзе.
Апроч тае праўды, другой не бывае,
і ззяе пад небам святыня жывая.
І крыж, нібы сведка, устаў на гары,
сабой асвячае святыя муры.
А прыйдзе часіна – з высокай званіцы
пакліча сабор нас Хрысту пакланіцца,
і схілім галовы прад светлаю брамай,
знайшоўшы, нарэшце, дарогу да храма.
***
ГІМН ЗЭЛЬВЕНШЧЫНЕ
Я на Зэльвеншчыне нарадзілася,
з гэтым краем навек параднілася.
Набылася я тут, нахадзілася
і гасцінцамі тут нагасцілася.
Прыпеў:
Мая Зэльвеншчына, мая Зэльвеншчына,
пахнуць травы твае мне здалёку.
Гарызонты твае вабяць вока,
дыхаць лёгка табой і глыбока.
Тут дарожкі мае не прыпыняцца,
хата родная зноў мне адчыніцца.
Моцнай прагай, няведамай сілаю
да цябе зноў прыеду я, мілая.
Прыпеў:
Мая Зэльвеншчына, мая Зэльвеншчына,
пахнуць травы твае мне здалёку.
Гарызонты твае вабяць вока,
дыхаць лёгка табой і глыбока.
Ты багата гісторыяй, спадчынай.
Тут абрады народа не страчаны.
У пашане тут буднямі, святамі
песня дзіўная, мова матчына.
Прыпеў:
Мая Зэльвеншчына, мая Зэльвеншчына,
пахнуць травы твае мне здалёку.
Гарызонты твае вабяць вока,
дыхаць лёгка табой і глыбока.
***
ІСНАЕ
Са святлом душы прыпадý
да тваёй прачыстай крыніцы,
і ў дзень судны да ранку пайду
ў Сабор твой высокі маліцца.
Будзе песня гучаць уначы,
дзіўны свет над іконай іскрыцца.
Сэрца беднае ты навучы,
дзе, скажы, галавой прытуліцца.
Бо штодня ў нашы сэрцы мяце
то каменне, то скруху, то здраду,
а задумаў наш Творца людзей
нараджаць на спагаду і радасць.
І духоўную сутнасць сваю
я ў гарачае сэрца ўкладаю,
песню ў хоры суладным пяю
і душою яе спасцігаю.
Тут надзея і праўда часоў,
і любоў тут мая векавая,
ды мацней і надзейней за ўсё –
мая чыстая вера святая.
***
Як быццам бы сыноў не гадавала,
не зналася з нястачай і бядою...
На брамку ў плоце вішня нізка ўпала,
зарос падворак жычкай, лебядою,
хляўчук здзіравеў, выветрана хата...
Паклонішся пры стрэчы гаспадыні,
падумаеш: яна ж не вінавата,
што яе дзеці недзе на чужыне...
І гоніш думкі слёзныя, як гора,
іскрынкаю душа надзею носіць:
прыедзе сын каторы, можа, скора –
хляўчук паправіць і траву пакосіць.
***
З богам, мая матуля,
дадому цябе правяду.
Ветрык асенні атуліць
сівую тваю галаву.
Дожджык маркотны абмые
клопатам стомлены твар.
Маці мая, Марыя,
малюся табе, мой алтар!
Ты мая песня й надзея,
нястомнасць маёй крыві.
Бога прашу і цябе я:
ты толькі, матуля, жыві!
Кранаюся вечнасці
***
Я ўжо мамаю стала даўно,
але ўсё не засяду за кросны.
Не сатку я, матуля, радно,
як не вытку я раніцы роснай.
Я сную, мая мілая маці,
слова роднага тонкую ніць,
каб пасля з яе песню саткаці,
што да сэрцаў людскіх паляціць.
Хай жа будзе такой яна чыстай,
як ручнік, вышываны табой,
як дыван, няхай будзе квяцістай,
што сатканы тваёю рукой.
***
Напоўнены цішай,
цяплом і дабром
з табою, матуля,
утульны мой дом.
Мне радасна, лёгка
і міла тут жыць,
калі ў ім пяшчотны
твой голас гучыць.
З дарогі далёкай,
з радзімага краю,
як яснага сонца,
цябе выглядаю.
Прыедеш і шчасцем
напоўняцца грудзі.
Няхай наша шчасце
заўжды з намі будзе.
Кранаюся вечнасці
***
Вострыць дождж стогаловы
на асфальце падковы,
гожай срэбнаю грывай
па дарозе звініць.
Гоніць вецер карэту
з-за лясоў і дуброваў.
А ў гэтай карэце
пані Лета сядзіць.
***
СОСНЫ
Сосны – у вокны і зорка над імі.
Сосны – у вокны да скону жыцця.
А ці былі вы калісьці малымі,
а ці да вечнасці доўгі працяг?
Ветры далёкія вас калыхалі,
і гаспадар быў, відаць, не адзін.
Шышкі ўсыпалі, быццам каралі,
хвойнага лесу мурожысты тын.
Сосны, ці ёсць у вас доля пад небам?
Нейкай зламацца, а нейкай стаяць.
Толькі ці лепшае долі вам трэба:
кожную раніцу сонца вітаць.
***
Лёгкі ліст барвовы
мне пад ногі мкнецца.
Зноў кранае восень
сумнае чало.
І знаходжу словы –
наталяю сэрца.
Я яго, як лета,
заманю ў сіло.
Быццам безупынны
бег спыню я часу,
буду вечна юнай,
вечна маладой.
Выкладу на сцежцы
хітрыя прыпасы.
Лета, маё лета,
ты пабудзь са мной.
* * *
Сонца купаецца ў соснах,
скінуўшы з плеч аблачынку.
Выткала ночка на кроснах
тонкую ніць-павуцінку.
Травы ў сонным спакоі
долу схілілі галовы,
і задрыжаў над ракою
неба блакіт вераснёвы.
Выспела гэткая раніца –
яблыка ў свежай расе.
Дзень за ўзгоркам туманіцца
і настае пакрысе.
Кранаюся вечнасці
* * *
Мне на ганак восень
насыпала лісце.
І з галін збівала
поўную расу.
І маніла спелай
вінаграднай гронкай.
І дарыла ранкаў
свежую красу.
А сама ў журбоце
па садах гуляла,
выпраўляла птушак
сумны карагод.
І чырвонай астры
весела міргала:
«Пакрасуйся, зорка,
бо не твой чарод».
Восень, восень, восень,
ты радня мне, мусіць,
твой фарсісты нораў
даспадобы мне.
Нібы чую ў садзе
казачныя гуслі
адпяваюць песню
колішняй вясне.
***
Лета вытапча сцежкі –
увесь бор навакол,
зёлак дзіўных усмешкі
назбірае ў прыпол.
Месяц белыя ногі
ў расе спаласне,
і на хмарцы аблогай
бесклапотна засне.
Клён раскошнаю грывай
пад акном зашуміць,
і камарык руплівы
запяе-зазвініць.
Сядзе ночка паслухаць
шолах хваль над ракой.
Мілы сэрцу і любы
гэты летні спакой.
***
Падарыла лета дзён мне тры букеты
самых розных красак найпахучых вязак.
Часам прывітанне пасылала з неба
хмаркаю залётнай на мае патрэбы.
А найболей лета сябравала з сонцам –
заснавала ў пары спраўныя красёнцы.
І вадой азёрнай човен калыхала,
як са мной пад вечар ціха размаўляла.
А вясёлы жнівень, быццам хлопчык босы,
расчасаў у лета залатыя косы.
***
У ЧАКАННІ ВЯСНЫ
Вясны зімой заўсёды не стае,
таму часамі падступае смутак.
І вось вясна свой голас падае:
то капяжы зрываюцца ў лютым.
Вясна, вясна, у кожнае жыццё,
у кожны дом цяплінкай пранікаеш.
І асвяжаеш наша пачуццё,
і ў нашых сэрцах холад растапляеш.
Сагрэй, вясна, не абдзялі цяплом,
і дай зарад нам маладое сілы,
каб поўніўся любоўю кожны дом,
каб светлы дзень ўставаў на небасхіле.
***
СПАДЧЫНЫ РОДНАЕ СЛОВА
Дораць мне кветкі за вершы.
Дораць мне кветкі за словы.
Я не апошняй, не першай
была ў цябе, родная мова.
Скарб свой сабраны прынесла
дзецям ў сэрцы і вушы.
Родным напоўніла песня
і перапоўніла душы.
І загучала пад небам:
«дзякуй», «прабач», «калі ласка».
З роднаю мовай да хлеба,
з роднаю мовай ў казку.
Я вас прашу: беражаце
і блаславіце нанова,
як васілёчак ў жыце, –
спадчыны роднае слова.
***
Я ў песні адчуваю сонца,
я душою спасцігаю Бога.
І лячу ў адкрытую бясконцасць
нараджэння радасці й трывогі.
Я гляджу блакітнымі вачыма.
Я праз сэрца прапускаю гукі.
То магу адолець немагчымае,
то раптоўна апускаю рукі.
Я хаджу між небам і зямлёю.
Прыйдзе час, то плачу, то спяваю.
Я жыву між шчасцем і бядою,
я жыву і жыць не паспяваю.
***
I Бог даруе мне вясну
яшчэ адну,
яшчэ адну!
У гэтай сонечнай вясне,
нібыта ў сне, нібыта ў сне,
пялёсткаў водар
удыхаю,
лаўлю праменьчык
з небакраю,
ў траву высокую ступаю -
і ажываю, ажываю..
***